У Польшчы ліквідавалі злачынную групу, якая аказвала замежнікам паслугі па легалізацыі ў краіне. Пра гэта паведамляе прэс-служба польскай паліцыі.
Удзельнікі групы, якая дзейнічала ў 2017−2018 гадах, за 2−8 тысяч злотых рабілі замежнікам дакументы пра працу і пражыванне, на падставе якіх тыя атрымлівалі віды на жыхарства ў Польшчы.
Паслугамі групы карысталіся грамадзяне Індыі, Непала, Бангладэш, Украіны, Азербайджана, Грузіі, Ганы, Марока, Узбекістана, а таксама Беларусі.
Усяго ў Варшаве і прыгарадах польскай сталіцы былі затрыманыя восем чалавек, з іх шасцёра — арыштаваныя. У кіраўніцтве групай падазраюць 49-гадовага мужчыну.
Нагадаем, раней польская паліцыя паведаміла пра затрыманне ўдзельнікаў іншай злачыннай групы, якая таксама дапамагала замежнікам з легалізацыяй. Па той справе таксама праходзіла восем грамадзян Польшчы: тры жанчыны і пяць мужчын. У перыяд са студзеня 2018 года да сярэдзіны верасня 2021 года яны дапамаглі трапіць у Еўрасаюз 16 798 грамадзянам Украіны, Беларусі, Малдовы і Расіі.