Беларускія дэмсілы ініцыююць змяненне, якое спросціць пацверджанне кваліфікацыі беларускіх медыкаў у Польшчы. Яны прапануюць, каб іменныя планы адных дактароў залічваліся і іншым спецыялістам, што вучыліся разам з імі. Пра такую ініцыятыву доктар Станіслаў Салавей, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па сацыяльнай палітыцы, расказаў Беларускай службе Польскага радыё. Яго словы прыводзіць MOST.
— Каб запаволіць міграцыю медыкаў на Захад, у Беларусі перасталі выдаваць пэўныя паперы. То-бок медык хоча здаць экзамен, а паводле польскага заканадаўства патрабуецца тыпавы план інтэрнатуры. Яго ў Беларусі цяпер свядома не выдаюць, каб ускладніць медыкам пераезд. Гэта не ставіць поўную блакаду на магчымасць працы ў Польшчы дактарам, але вядзе да страты часу. Калі ў доктара ёсць спецыялізацыя, якую ён атрымаў у іншай краіне, яму трэба паказаць план інтэрнатуры, і камісія пры ўніверсітэтах можа скараціць гады навучання. Доктара з 10-гадовым стажам можна вучыць не пяць гадоў, а два-тры. Аднак без гэтай паперы нельга гэтага зрабіць, — патлумачыў Салавей.
Каб беларускія спецыялісты не марнавалі часу, АПК прапануе даць ім магчымасць выкарыстоўваць планы калег, з якімі яны разам вучыліся і якія яшчэ раней паспелі атрымаць патрэбныя дакументы ў Беларусі.
— Мы паспрабуем зрабіць так, каб можна было залічваць так званыя тыпавыя планы. У Беларусі ўсе медыцынскія ўніверсітэты працуюць у адпаведнасці з аднымі і тымі ж правіламі Мінздароўя. Мы будзем спрабаваць дабіцца таго, каб польскія ўстановы прымалі тыпавыя планы і іменныя планы тых, хто вучыўся разам, то-бок калі я скончыў універсітэт разам з маім калегам, у якога ёсць тыпавы план, яго мне таксама можна было б залічыць, — патлумачыў Салавей.
Ён прызнаў, што пакуль складана сказаць, ці пагодзіцца польскі бок на такую прапанову.
Медык таксама сказаў, што ў Польшчы працуе каля 4 тысяч дактароў з Беларусі. Паводле звестак Найвышэйшай медыцынскай палаты Польшчы, па выніках 2023 года медыкі з беларускім пашпартам складалі 25% усіх дактароў-замежнікаў, занятых у польскай сістэме аховы здароўя.
Чытайце таксама