16 жніўня 2020 года назаўжды ўвойдзе ў нашую гісторыю. У гэты дзень вуліцы Мінска і іншых гарадоў запоўнілі «рэкі людзей» — у краіне прайшла самая маштабная акцыя пратэсту ў гісторыі сучаснай Беларусі. Паводле ацэнак незалежных медыя, толькі ў сталіцы на яе выйшла не менш за 200 тысяч чалавек. З таго часу прайшло ўжо чатыры гады. «Люстэрка» спытала ў чытачоў, як яны ўспамінаюць і ўспрымаюць гэтую падзею цяпер. І што б змянілі (ці не), калі б была такая магчымасць? Атрымаўся тэкст, дзе шмат натхнення і любові беларусаў адно да аднаго.
Павел, 45 гадоў
— У гэты дзень мы з кампаніяй дамовіліся сустрэцца ля метро «Усход». Раніцай там сабралася чалавек трыста-чатырыста, і мы пайшлі ў цэнтр. Дарогай да нас пастаянна далучаліся новыя ўдзельнікі, колькасць людзей расла проста на вачах. Ля метро «Плошча Якуба Коласа» хваста калоны я ўжо не бачыў.
Мы ішлі строга тратуарам, прытрымліваючыся правілаў. Людзі з вокнаў дамоў і машын усміхаліся, махалі і дэманстравалі падтрымку ўсімі даступнымі спосабамі. Адзін чалавек нёс адразу два сцягі на адным дрэўку — чырвона-зялёны і бел-чырвона-белы. Больш такой камбінацыі я ніколі не бачыў. Мы прайшлі ўвесь горад і прыйшлі да стэлы.
Было горача, хтосьці прывозіў ваду і проста пакідаў ля ўзбочыны цэлыя ўпакоўкі. Гэта аказалася вельмі дарэчы. Хтосьці прывязваў да слупоў пакеты для смецця, а потым забіраў іх. Было крута. Людзей сабралася столькі, што яны запоўнілі ўсю бачную прастору. Усе ў цудоўным настроі, нібыта прадчувалі нешта вельмі добрае. Ні АМАПа, ні міліцыі мы не бачылі ні разу. Прысутныя паводзіліся абсалютна спакойна, незнаёмыя дзяліліся адно з адным ежай. Чамусьці было адчуванне, што хутка ўсё скончыцца, і абавязкова добра.
Як жа мы памыляліся. Цяпер з той маёй кампаніі толькі частка застаецца ў Беларусі, астатнія раз’ехаліся па свеце.
Што той дзень змяніў… Думаю, усё было зроблена правільна. Мірны пратэст змог уцягнуць максімальную колькасць людзей. Я быў на нядзельных шпацырах аж да студзеня, прапусціўшы толькі адзі праз хваробу. Ні разу не бачыў тых, хто выйшаў, ні агрэсіі, ні злосці, ні варожасці. Толькі надзею і аптымізм. І хай яны былі беспадстаўныя, упэўнены, людзі зрабілі абсалютна слушна, што не скаціліся ў гвалт. Думаю, пачатак пакладзены, і перамены прыйдуць абавязкова.
Аляксандр, 38 гадоў
— Хадзілі на акцыю з калегамі па працы, за што я і быў звольнены. 16 жніўня было вельмі крута, ні пра што не шкадую. Гэта вялікі прарыў для краіны. Я даведаўся, што і ў Беларусі, і, у прыватнасці. у Мінску, шмат пасіянарных і класных людзей. Мы паказалі ўсім, што нас большасць і старая ўлада не актуальная. Усё роўна ўсё зменіцца. Як спявае класік, «сколько ни склеивай стрелки на часах, никто не сможет помешать солнцу взойти!» (гаворка пра песню «Баста Раста» Барыса Грабеншчыкова. — Заўв. рэд.).
Мікалай, каля 60 гадоў
— 16 жніўня ўвесь дзень мяне не было дома, і я да вечара не ведаў, што адбываецца ў Мінску. Калі прыкладна, а пятай гадзіне вярнуўся ў горад і жонка расказала пра стэлу, быў натуральна шакаваны. Адразу паляцеў на плошчу Незалежнасці, дзе знаходзілася яшчэ вельмі шмат людзей. Быў там некалькі гадзін, дыхаў гэтым незнаёмым паветрам свабоды і неяк не зусім верыў, што гэта адбываецца са мной тут і цяпер.
Як я ацэньваю гэты дзень? Як адзін з найлепшых у сваім жыцці. Вакол мяне сабралася столькі цудоўных, прыгожых людзей. Я быў шчаслівы, што жыву ў гэтай краіне і ў гэтым горадзе ў гэты час.
Што б я змяніў, калі б быў здольны? Даў бы ўсім, хто выйшаў на вуліцы з кветкамі ў святочным адзенні, сродкі, каб бараніць сябе ад злачынцаў, ад улады. Так, зброю. Каб ні адна с**лач больш не магла выкідваць на сметніцу нашыя выбарчыя бюлетэні, лічыць нас «народцам», «авечкамі» ды «быдлам».
Алена, 50 гадоў
— Гэты дзень стаў для мяне ўзрушэннем, я адчула сябе беларускай сярод выдатнай нацыі. Менавіта 16 жніўня стала пачаткам маёй самасвядомасці, цікавасці да нашай гісторыі, годнасці, вывучэння мовы і карыстання ёю. Гэта тое, што мы можам цяпер рабіць у Беларусі.
Наталля, каля 40 гадоў
— 16 жніўня 2020 года — гэта як закахацца, толькі не ў аднаго чалавека, а ў сотні тысяч беларусаў. Нібыта жылі побач, пастаянна бачыліся, але не заўважалі адно аднаго, не падабаліся. А потым надышоў дзень, і мы сталі адно аднаму неабходныя. І мурашкі па скуры, і сэрца, поўнае любові.
Людзі падзяліліся на дзве катэгорыі. Першая — тыя, у каго не было 2020-га, ім і не патлумачыш, што гэта такое. Другая — у каго ён быў. У адзін дзень мы сталі іншымі, і гэтага ўжо не змяніць.
Аліна, 31 год
— Гэта быў адзін з найлепшых дзён у маім жыцці, столькі свабоды ўнутры Беларусі я не адчувала ніколі. Радая, што не было гвалту.
Мікіта, 39 гадоў
— Гэты дзень добра памятаю, але ўсё ішло да яго паступова: спачатку дзяўчаты на «Камароўцы», потым марш работнікаў МТЗ, развітанне з Аляксандрам Тарайкоўскім ля метро «Пушкінская» (першага загінулага ад рук сілавікоў падчас пратэстаў Аляксандра Тарайкоўскага хавалі 15 жніўня 2020 года. — Заўв. рэд.), так што нядзельны марш стаў свайго роду апагеем. Мінск ніколі не быў такім, як у тыя дні.
На сам марш пайшлі вялікай кампаніяй (многія з гэтых людзей, як і я, ужо даўно не ў Беларусі). Страху асаблівага не было, можа, толькі ў самым пачатку, пакуль не ўбачылі маштабы тых, хто сабраўся ля стэлы. Марш, як і ўсе наступныя буйныя акцыі, у якіх браў удзел, больш за ўсё запомніўся колькасцю людзей і атмасферай адзінства. Тады мы прымусілі ўвесь свет гаварыць пра Беларусь.
Ці можна было нешта змяніць? Можа, мы зарана ўзрадаваліся, што здушыць пратэст такога маштабу нерэальна, і расслабіліся? Але, відаць, гэта быў максімум, чаго можна было дамагчыся мірным пратэстам, а да нечага радыкальнейшага беларусы, як мне здаецца, не былі гатовыя. Ды і настолькі маштабнай падтрымкі б не было.
Наталля, 46 гадоў
— На той час я была 42-гадовай маці-адзіночкай з немаўлём, у якой жыццё ўдалося: свой бізнес, кватэра ў цэнтры, домработніца. Я была глыбока шакаваная падзеямі пасля 9 жніўня, не магла есці і спаць, толькі глядзела навіны і плакала… Але 16 жніўня стаў незабыўным днём, поўным надзей на перамогу і светлую будучыню для мяне і дзіцяці. Гэта было свята! Неапісальнае пачуццё яднання і ўсведамлення нацыянальнага гонару. Мы былі разам, такія родныя. Хацелася абняць увесь свет. Адчуванне, што дабро перамагае зло, як у дзяцінстве, калі глядзіш казку.
Падзеі 2020-га моцна змянілі мяне і маё жыццё. Без ведання замежных моваў мне давялося бегчы з маленькім дзіцем у невядомасць. Змяніць некалькі краін, пакінуць усю маёмасць і пачаць жыццё з нуля ў эміграцыі.
16 жніўня 2020-га быў цудоўны дзень, і я радая, што мне пашчасціла адчуць такія эмоцыі. Гэтыя ўспаміны назаўсёды застануцца ў маім сэрцы, грэючы мяне і даючы надзею і веру ў людзей.
Максім, 36 гадоў
— Лічу гэта страчанай магчымасцю. Не робяцца рэвалюцыі ў выходныя. І не ідуць людзі ў панядзелак на работу, калі хочуць змяніць уладу. Але разумею: з тым узроўнем арганізацыі, адсутнасцю лідарства іншага выніку быць не магло. Нягледзячы на наступныя падзеі, няхай гэта будзе добрым парывам беларускага народа. Свае пачуцці памятаю і цяпер: быў упэўнены, што пачнуць страляць.
Алена, 30 гадоў
— Для мяне гэта дзень прагрэсу — асабістага і агульнага. Дзень, калі я ўпершыню выйшла на мітынг (да гэтага стаяла на вуліцах з кветкамі). Гэта быў дзень, калі я пераадолела свой страх. У тую нядзелю не было вялікіх разгонаў, але калі мы толькі выходзілі, мы яшчэ не ведалі, як яно складзецца, а да гэтага бачылі толькі гвалт і жах мінулых дзён. Але мы выйшлі. Уся нашая сям’я. Ва ўсіх сэнсах. І я зразумела, што мы ўсе разам.
Столькі прыгожых, светлых людзей на вуліцах я не бачыла ніколі! Гэта пачуццё стопрацэнтнага шчасця, нібыта святло разлілося на ўсіх вуліцах беларускіх гарадоў. Цяпер пішу, і слёзы на вачах.
Дагэтуль лічу: гэты дзень быў вырашальны для нас як для нацыі. Хтосьці можа сказаць, што пратэсты не спрацавалі. Але гэта не так. 16 жніўня мы адчулі адзінства, якое ўжо нікуды не знікне. І я б нічога не змяніла, нават калі вярнуцца ў 2020-ы. Хіба што больш людзей абняла б.
Лічу, што гэта быў толькі першы раўнд нашай барацьбы. І вайну выйграем мы, бо мы і ёсць будучыня. Прагрэсу не спыніш.
Мікіта, 51 год
— Успамінаю гэты дзень з настальгіяй, пачуццём радасці і гонару. Цудоўнае адчуванне яднання і ўласнай годнасці. Не шкадую, і нічога з таго, што адбылося 16 жніўня, мяняць не хацеў бы.
Калі ж у цэлым казаць пра падзеі 2020-га, то гэта вельмі складанае і неадназначнае пытанне. Гэта ў тэму таго, ці трэба было пераходзіць да больш жорсткіх дзеянняў. Я дагэтуль не ўпэўнены ў гэтым. Тады, думаю, мы самі да такога былі не гатовыя. Цяпер ацэньваем тыя падзеі з пазіцыі «пасляведання», а тады, па-мойму, мы рабілі так, як мусілі, мяркуючы са стану грамадства і сітуацыі на той момант.
Алена, 49 гадоў
— Гэта быў найлепшы час! Перапаўняла пачуццё гонару, радасці, надзеі і адзінства. А яшчэ мы адкрылі, што нас так шмат. Вясёлых, добрых, яркіх, крэатыўных беларусаў з узрушальным пачуццём гумару! Гэтыя плакаты, з якіх рагаталі ўголас і фатаграфавалі для калекцыі, а потым са шкадаваннем чысцілі тэлефоны і камп’ютары.
У той дзень падумалася, што мы ствараем гісторыю і будзем расказваць [пра гэтыя падзеі] нашым дзецям і ўнукам. Пра нас будуць пісаць у падручніках, нас будуць клікаць на класныя гадзіны, як калісьці да нас запрашалі бабуляў і дзядуляў, якія прайшлі Другую сусветную, і мы з прыдыханнем слухалі пра іх подзвігі.
Аркадзь, 54 гады
— 16 жніўня 2020 года — дзень, у які хацелася крычаць: «Падымайце ўсе свае квадракоптары, здымайце гэта. Ідзе золата нацыі!» А вось што трэба было змяніць, каб усё пайшло зусім інакш? Я не разумею дагэтуль. Мы як нацыя не ўмеем абараняць сваіх лідараў, сваіх герояў.
Надзея, 34 гады
— Я была на Нямізе 9 жніўня і ўсё бачыла. Мы з мужам змаглі дабрацца дадому, жылі недалёка. Усю ноч не спалі ад выбухаў. Потым дапамагалі развозіць людзей з Акрэсціна. Пасля гэтага было такое спусташэнне, што не было жадання наогул за дзверы выходзіць. Але мы для сябе адразу вырашылі, што будзем рабіць усё, каб не адчуваць сябе маўклівымі ахвярамі.
16 жніўня, пасля такога дзікага псіхаэмацыйнага падзення, нас падкінула як на атракцыёне. Нягледзячы на ўсю жэсць, якую ўсе мы бачылі да гэтага, на вуліцы выйшла шалёна шмат людзей. Усе разумелі, як іх могуць пакараць. Пры гэтым былі ўпэўненыя ў сваіх намерах і прыязныя. Гэта была неймаверная магчымасць адчуць сябе часткай добрага, клапатлівага, але рашучага грамадства.
Я ніколі не баялася натоўпу, але ў натоўпу ёсць свая энергетыка і настрой. 16 жніўня мы сталі часткай гэтай светлай і магутнай энергіі. Менавіта тады я ўбачыла, колькі людзей вакол гатовыя падтрымаць адно аднаго. Мы адчулі сябе часткай грамадства, народа, якім ганарышся. Гэты досвед канчаткова замацаваў усведамленне сябе беларусам. Вакол сотні тысяч людзей, і ты адчуваеш, што гэта твае людзі, а ты іх чалавек <…>.
Андрэй, 31 год
— Той дзень у мяне быў рабочы, але калі прачытаў пра планы сабрацца на стэле, вырашыў: трэба ехаць (хоць дома ў тыя дні бываў рэдка, толькі начаваў і чытаў навіны з дапамогай хатняга інтэрнэту). Загадзя адпрасіўся, звязаўся з сябрам, і пагналі на стэлу. На падыходзе да раёна стала зразумела, што мітынг будзе велізарны: шмат машын, людзей, якія з розных бакоў ідуць у адным кірунку. Шмат сцягоў, белых стужак на руках. Асабліва ўрэзаўся ў памяць чорны BMW на стаянцы каля гандлёвага цэнтра «Карона». На ім былі сур’ёзныя ўвагнутасці, разбітыя шыбы і надпіс «Гэта зрабіў АМАП» <…>.
Здавалася, быў вялікі дзень! Без сумневу, яркі, значны і запамінальны. Нават не буду прапаноўваць нешта змяніць. На той момант мы рабілі тое, што лічылі патрэбным. Цяпер любы можа прапанаваць плойму спосабаў, як зрабіць інакш, але час сышоў. Не варта перабіраць варыянты, «як магло б быць». Трэба ісці далей за тых, хто сядзіць, хто пацярпеў і загінуў у гэтым супрацьстаянні.
Цяпер у мяне, напэўна, ёсць толькі невялікая крыўда на людзей, якія аддалі перавагу таму, каб у гэтым не ўдзельнічаць. Усё роўна, былі яны з Ліды, Ляхавічаў, Пінска ці Мінска, але выйсці пагуляць магло б у разы больш чалавек. Затое для сябе зразумеў, у каго з атачэння «хата з краю».
Алег, 67 гадоў
— Успамінаем 16 жніўня 2020 года як вялікі-вялікі гонар за беларусаў! Асабліва жыхароў Мінска, якія забяспечылі 300 тысяч удзельнікаў (паводле падлікаў незалежных медыя, выйшла 200 тысяч чалавек. — Заўв. рэд.). Нізкі ім паклон!
Антон, 41 год
— Менавіта ў гэты дзень Лукашэнка прайграў. Проста беларусы яшчэ не выйгралі.
Чытайце таксама