У падручніках, як правіла, пішуць пра герояў — людзей, якія адыгралі ключавую ролю ў буйной бітве, прынялі важнае для дзяржавы рашэнне ці ў цэлым значна паўплывалі на развіццё сваёй краіны. Відаць, да такіх постацяў можна аднесці, напрыклад, Святлану Ціханоўскую, якая ў свой час стала кандыдаткай у прэзідэнты, па сутнасці, дзеля свайго мужа, або Марыю Калеснікаву, якая сваімі ўчынкамі натхніла многіх людзей не здавацца (нават расійскіх апазіцыянераў). Але ўсё, што адбывалася 9 жніўня 2020 года і пасля гэтага дня, здарылася не толькі дзякуючы ім. Але і насуперак — мноству людзей, якія не выканалі сваёй працы добрасумленна, не падышлі да абавязкаў крытычна і ў патрэбны момант не задалі сабе пытанне: «Ці сапраўды мне варта гэта рабіць?» Сёння, роўна праз чатыры гады пасля выбараў 2020 года, «Люстэрка» ўспамінае і фіксуе зборныя вобразы людзей, чый «антыгераізм» таксама зрабіў унёсак у развіццё падзей. Зрэшты, адзін чалавек будзе «ўшанаваны» асабістай згадкай.
Супрацоўнікі ЦВК, якія трактуюць правілы ў залежнасці ад сітуацыі
Як мы ўжо згадалі, ураджэнка Брэстчыны Святлана Ціханоўская зусім не збіралася станавіцца кандыдаткай у прэзідэнты, а пасля — лідаркай дэмакратычных сіл. У пачатку 2020-га яна была апалітычнай хатняй гаспадыняй і «абсалютна непублічным чалавекам»: адвучылася ў Мазыры, дзе і пазнаёмілася з Сяргеем Ціханоўскім, працавала перакладчыцай, выхоўвала сына і дачку.
Усё змянілася 15 траўня таго года: у ЦВК адмовіліся рэгістраваць Сяргея, мужа Святланы, кандыдатам у прэзідэнты. Прычына — у дакументах адсутнічаў яго подпіс, бо ў той час ён адбываў адміністрацыйны арышт і не мог яго паставіць. Аднак згодна з законам падаць дакументы можа і прадстаўнік кандыдата па даверанасці.
У Святланы такая даверанасць была, але ў ЦВК яе расцанілі як неправамерную. Супрацоўнікі ведамства спаслаліся на тое, што на заяве пра рэгістрацыю ініцыятыўнай групы і спісе сябраў групы ўсё роўна мусіць быць подпіс асобы, якая будзе кандыдатам.
Гучыць, на першы погляд, важкай прычынай адмовы — калі не заглыбляцца ў дэталі. Насамрэч супрацоўнікі ЦВК не ўпершыню трактуюць фармулёўкі законаў так, як гэта зручна Аляксандру Лукашэнку.
У 2015 годзе палітык Мікалай Статкевіч адбываў пакаранне ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, таму заяву на рэгістрацыю яго ініцыятыўнай групы для ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах аднесла ў ЦВК яго жонка Марына Адамовіч. Ёй адмовілі адразу — са спасылкай на арт. 61 Выбарчага кодэкса. Хоць нават калі б групу зарэгістравалі, у Статкевіча ўсё роўна наўрад ці атрымалася б стаць кандыдатам у прэзідэнты праз сваю непагашаную судзімасць. Паводле закона кандыдат не можа яе мець. Што, зрэшты, не перашкаджае рэгістраваць ініцыятыўную групу — у Адамовіч нават не прынялі дакументы.
У фармулёўцы ЦВК была сказана, што заява на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы «па сутнасці з’яўляецца дэманстрацыяй намеру грамадзяніна вылучыцца кандыдатам у прэзідэнты, якое па сваім характары можа быць зробленае толькі асабіста». Такім чынам падача заявы інтэрпрэтаваная як волевыяўленне грамадзяніна — яно ж патрэбнае, да прыкладу, для галасавання на выбарах, уступлення ў партыю ці ў шлюб: нічога з гэтага па даверанасці зрабіць нельга.
Сённяшні Выбарчы кодэкс быў зацверджаны ў пачатку 2000-х — тады ж з’явілася магчымасць рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па даверанасці. І дадзеная яна была, мяркуючы з усяго, у першую чаргу для дзейнага на той момант кіраўніка дзяржавы, які менавіта з таго часу перастаў асабіста прыходзіць у ЦВК.
Застаецца загадкай, чаму дзясяткі людзей, якія хаваюцца за сценамі ЦВК, не задаваліся пытаннем, чаму адзін і той жа закон для Статкевіча і Ціханоўскага працуе так, а для Лукашэнкі — гэтак.
Зрэшты, скарыстацца правам рэгістрацыі па даверанасці атрымалася не толькі ў Лукашэнкі. На выбарах, якія прайшлі ў 2001 і 2005 гадах, Зянону Пазняку ўдалося зарэгістраваць свае ініцыятыўныя групы, хоць ён у той час ужо не жыў у Беларусі. У бюлетэнь палітык не трапіў — з іншых прычынаў: першы раз не хапіла подпісаў, на другі іх вырашылі нават не падаваць.
Але вернемся да супрацоўнікаў Цэнтрвыбаркама. Яны своеасабліва паставіліся да сваіх абавязкаў і ў далейшым. Пасля выбараў Ціханоўская пайшла ў ЦВК падаваць скаргу на перагляд вынікаў. Чым гэта скончылася, вядома: кандыдатку ў прэзідэнты гвалтоўна ўтрымлівалі ў будынку, а потым абвясцілі, што яна «прыняла рашэнне» і з’ехала з краіны. Пазней яна расказала, што ёй пагражалі «два высокапастаўленыя супрацоўнікі сілавых структур», якія папярэдзілі яе: альбо яна з’язджае да дзяцей за мяжу, альбо «яны не гарантуюць, што яна зараз даедзе да дома».
— Гэта твая свабода і твае дзеці. Паверце, з жанчынамі далёка хадзіць не трэба, — тлумачыла Ціханоўская. — Жанчынамі прасцей за ўсё маніпуляваць з дапамогай дзяцей. Гэта, напэўна, відавочна.
Разглядаць скаргу пра пералік галасоў, відаць, ніхто нават не збіраўся. Хоць «захаванне роўных прававых умоваў перадвыбарнай дзейнасці кандыдатаў у прэзідэнты», як і кантроль «выканання заканадаўства Беларусі пра выбары» — непасрэдныя абавязкі ЦВК і яго супрацоўнікаў.
Кіраўнікі дзяржустановаў, якія забяспечылі важкую датэрміновую яўку і ціснулі на людзей
Напярэдадні выбараў 2020 года ў незалежных выданнях пачалі пісаць пра выпадкі запалохвання людзей, якія працуюць у дзяржаўных установах: там недвухсэнсоўна намякалі, насупраць імені якога кандыдата варта паставіць галачку і што будзе з тымі, хто гэтага не зробіць.
Па традыцыі ціск закрануў сферу адукацыі. Да прыкладу, у канцы ліпеня дырэктар 4-й гімназіі Мінска Андрэй Гоцман (ён дагэтуль займае гэтую пасаду) сабраў падначаленых на нараду пасля адпачынку і заявіў, што ў яго «на стале ёсць спісы тых, хто збіраецца галасаваць за альтэрнатыўных кандыдатаў», і што «пасля 9 жніўня зверху будуць указанні, як далей працаваць з гэтымі людзьмі».
Падобным чынам ціснула яшчэ перад парламенцкімі выбарамі 2019 года выкладчыца БДЭУ Аксана Аніскевіч (яна таксама дагэтуль працуе ў ВНУ), якая прымушала студэнтаў і студэнтак першага курса пайсці на датэрміновае галасаванне (гэта захавалася на відэа).
— Слухайце ўважліва: гэта сур’ёзнае пытанне. Вы павінныя гэта зрабіць да нядзелі, з чатырох да шасці гадзін. Бо гэта ўсё адсочваецца, і потым нас пачнуць церабіць: загадчыка кафедры, дырэктара, дэканат. Я спадзяюся, вы нікога не падставіце. Бо, не дай бог, мяне потым выклічуць і пачнуць мяне схіляць, што мая група не прагаласавала. Там усё адсочваецца строга, — палохала Аніскевіч пераважна падлеткаў 17−18 гадоў.
Калі так ціснуць нават падчас парламенцкіх выбараў, няцяжка здагадацца, што прэзідэнцкія ўспрымаюцца кіраўніцтвам дзяржустановаў яшчэ сур’ёзней.
Відавочна, што як Андрэй Гоцман, так і Аксана Аніскевіч, і яшчэ многія іх калегі маглі як мінімум не запалохваць тых, хто ад іх залежыць. Але ўсё ж вырашылі выслужыцца — імаверна, каб захаваць пасаду ці таму, што баяліся самі.
Асобна варта адзначыць фразу Гоцмана пра «ўказанні зверху» пасля 9 жніўня — сама фармулёўка сведчыць, што вынік выбараў быў прадвызначаны. І чамусьці кіраўніка гэта абсалютна не збянтэжыла — ён нават не паставіў тое, што адбываецца, пад сумнеў.
— Ну я таксама быў студэнтам, таксама працаваў у ВНУ прарэктарам і гэтак далей. І што далей? Ну, зайшоў у аўдыторыю, сказаў, што ідзе датэрміновае галасаванне, галасаванне арганізаванае на такім участку. Гэта што, заганяць на выбары? — выказваўся пра датэрміновае галасаванне Ігар Карпенка, які займаў пасаду міністра адукацыі, а пасля стаў кіраўніком ЦВК.
Іншая тэма — штучнае раздзьмуванне датэрміновай яўкі і, як вынік, стварэнне ўмоваў для ўкіду бюлетэняў (безумоўна, за патрэбнага кандыдата). Гэта, відаць, нечакана праявілася ў асноўны дзень галасавання. На некаторых участках у Мінску людзям банальна не хапіла бюлетэняў. «Камісіі задавалі пытанне: як такое наогул можа адбыцца? Адказвалі, маўляў, вельмі шмат людзей прыйшло, яны і не чакалі», — расказвала мінчанка, якая прыйшла аддаць свой голас.
Хто ведае, як усё магло б скласціся, калі б кожны такі кіраўнік (дырэктар школы, загадчык кафедры, кіраўнік прадпрыемства або намеснік дырэктара па ідэалогіі) не кідаўся выконваць указанні зверху ці не спрыяў датэрміновай яўцы.
Мабыць, дзяржава таксама пачала задавацца гэтымі пытаннямі і зрабіла так, што датэрміновая яўка на выбарах у парламент у лютым гэтага года стала наогул рэкорднай для краіны. Як такое можа быць, калі за пару месяцаў да іх, згодна з ацэнкамі аналітыкаў, «вельмі знізіўся ўзровень палітызацыі»? Яшчэ адна загадка.
Сябры камісіі, якія пакорліва «малююць» патрэбныя дзяржаве вынікі
У камісію (і асабліва на месца старшыні) нярэдка трапляюць зручныя рэжыму людзі — такімі іх можна назваць таму, што ў іх, мабыць, не ўзнікае пытанняў, навошта трэба выдаць несапраўдны бюлетэнь, вылазіць па лесвіцы з акна, відаць, каб некаторыя паперы «зніклі», або наогул «памяняць месцамі вынікі галасавання за Лукашэнку і Ціханоўскую».
— Чалавек [назіральнік] сядзіць усё датэрміновае галасаванне, не выходзіць з кабінета. Ён фіксуе кожнага чалавека, які апускае бюлетэнь у скрыню для датэрміновага галасавання. Да прыкладу, ён зафіксаваў, што сёння ў адзін дзень прагаласавала 25 чалавек, — расказвала пра свой досвед палітык Вольга Кавалькова «Настоящему времени». — Але ў канцы дня старшыня камісіі вывешвае пратакол, колькі чалавек атрымала бюлетэнь. І ў гэтым пратаколе стаіць лічба 100. Адкуль? Ніадкуль!
Пры гэтым у верасні 2021 года «Люстэрка» праверыла: практычна ніхто з выкладчыкаў, якія сядзелі ў камісіях, дзе афіцыйна перамагла Ціханоўская, не страціў працу. Адпаведна, цана чыстага сумлення на той момант была не такая і высокая.
Тым не менш многія прынялі іншае рашэнне — вынік гэтага краіна «расхлёбвае» дагэтуль.
Супрацоўнікі дзяржСМІ, якія замоўчвалі тое, што адбываецца
«Нягледзячы на вялікую цікавасць грамадства да кампаніі [прэзідэнцкіх выбараў 2020 года], дзяржаўныя медыя падавалі выбарчую тэматыку ў „запакаваным выглядзе“, то-бок наўмысна не акцэнтуючы на ёй увагі. Да прыкладу, навінавыя праграмы беларускага ТБ і радыё практычна ніколі не анансавалі сюжэтаў на выбарчую тэматыку. А калі пра выбары і ішла гаворка, то часцей за ўсё — у кантэксце выказванняў дзейнага прэзідэнта альбо ўскосна», — адзначалася ў маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў за ліпень 2020 года.
Замест гэтага на дзяржТБ няспынна паказвалі сюжэты пра Лукашэнку, які ездзіў па краіне і сустракаўся з бюджэтнікамі і сілавікамі. Апазіцыйным кандыдатам жа даставаліся толькі крытычныя заўвагі: нібыта яны «разгойдваюць грамадства» пад кіраўніцтвам «заходніх лялькаводаў». Хоць нічога супрацьзаконнага зроблена не было — і Ціханоўская, і цяпер палітвязень Віктар Бабарыка ўсяго толькі карысталіся сваімі правамі, замацаванымі ў Выбарчым кодэксе. Апошні не раз падкрэсліваў гэта ў сваіх інтэрв'ю.
— У нашым штабе няма сакрэтаў, мы не займаемся супрацьпраўнай дзейнасцю, якая можа выклікаць гвалтоўныя дзеянні супраць майго штаба, — заяўляў Бабарыка ў канцы траўня 2020-га.
Праз выбіральныя ракурсы асвятлення выбарнай гонкі яшчэ да яе пачатку праціўнікі Лукашэнкі былі маргіналізаваныя як мінімум у вачах аўдыторыі, для якой тэлебачанне на той момант было асноўнай крыніцай інфармацыі.
Некаторыя супрацоўнікі дзяржаўных СМІ і выданняў звольніліся неўзабаве пасля 9 жніўня 2020 года, хоць і да гэтага ніяк не ўдзельнічалі ў стварэнні менавіта палітычных праграм. Пакуль іх калегі працягваюць распальваць нянавісць да любых праяваў іншадумства. Прычым рабіць гэта з такой запалам іх ніхто не прымушае — відаць, нават сам Лукашэнка.
Сілавікі, якія занадта заўзята пачалі спыняць пратэстоўцаў
Тое, што сілавікі выкарыстоўвалі беспрэцэдэнтны ў гісторыі Беларусі гвалт у дачыненні да грамадзян і грамадзянак сваёй жа краіны, засведчыла мноства фатаграфій, а таксама інтэрв'ю пацярпелых.
У 2021 годзе збіццё людзей прызнаў асабіста Лукашэнка, хоць да гэтага называў доказы «фэйкамі». А ў 2024-м тое, што «былі перагіны» з боку сілавікоў, агучыў у эфіры АНТ прапагандыст Ігар Тур. Раней ён жа казаў пра факты «празмернага» гвалту з боку супрацоўнікаў міліцыі і АМАПа.
— Адны перагіналі праз тое, што няправільна разлічылі сваю выключную фізічную падрыхтоўку. Іншыя — былі ахопленыя эмоцыямі. <…> Былі, я думаю, і тыя, хто перагнуў ад страху, — разважаў Тур.
Чаму кожны асобны супрацоўнік самай «гуманнай, стрыманай і халаднакроўнай» міліцыі ў свеце (на думку экс-кіраўніка МУС Юрыя Караева) не змог справіцца з сабой, не дапусціць гвалту і прадугледзець іншае абыходжанне з затрыманымі — пытанне адкрытае.
Жорсткасць сілавікоў некаторыя эксперты тлумачылі ў тым ліку ўмовамі, у якіх яны былі вымушаныя працаваць: «Увесь час у павышанай баявой гатоўнасці, без выхадных і адпачынкаў, у пастаянным распараджэнні сваіх частак». Аднак многія ў Беларусі працуюць у такіх жа нечалавечых умовах (медыцына — самы яскравы прыклад сферы з пастаяннымі перапрацоўкамі), а яшчэ — пад штодзённым ціскам. Нічога з гэтага не апраўдвае гвалту.
Сведкі ў судзе, якія агаворвалі сваіх студэнтаў, калег, знаёмых і не толькі
Ужо пасля выбараў да прапагандыстаў дзяржСМІ далучыліся і простыя грамадзяне і грамадзянкі, якія ў якасці сведак на судах выдавалі жаданне ўбачыць вынікі сумленных выбараў за крымінал або правапарушэнне.
Напрыклад, па «справе студэнтаў» сведкам выступаў былы намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце журфака БДУ, а цяпер рэктар Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Фёдар Драбеня. Паводле яго словаў, «кітайскім студэнтам давялося кампенсаваць акадэмічны час, бо акцыі перашкаджалі ім вучыцца». Аднак лініі абароны ўдалося дамагчыся ад Драбені прызнання, што насамрэч акцыі праходзілі выключна падчас пераменаў паміж заняткамі.
Калі сам выступ у якасці сведкі ў судзе тэарэтычна можна апраўдаць нейкім ціскам і пагрозамі, то чым можна растлумачыць скажэнне рэчаіснасці ў паказаннях, ужо зразумець складаней. Тым больш калі былі нават «пацярпелыя міліцыянты» са змененымі імёнамі, што прыдумлялі гісторыі пра актыўны супраціў падчас следства, але на судзе мянялі паказанні і расказвалі ўсё як ёсць.
Практыка паказала, што сведкі не заўсёды абавязаныя выдумляць падзеі, якія кампраметуюць падсуднага, — і нават могуць знайсці ў сабе сілы адмовіцца ад папярэдняй хлусні. Напрыклад, вось што пісалі пра паказанні міліцыянта «Аляксея Пятрова» (сапраўднае імя на судзе не называлася) падчас суда над Сцяпанам Латыпавым:
Ён сказаў, што 15 верасня ўбачыў Латыпава ля мурала ў «двары перамен», нібыта ён і іншыя людзі не давалі камунальнікам зафарбоўваць мурал. Паводле «Пятрова», ён і ягоныя калегі-міліцыянты падышлі да тых, хто стаяў, і запатрабавалі разысціся. Пры гэтым яны былі ў форме, але не прадстаўляліся. Яны папярэдзілі, што могуць быць выкарыстаныя спецсродкі і фізічная сіла. Латыпаў упіраўся, патрабаваў прадставіцца, перашкаджаў затрыманню, тады міліцыянты ўзялі яго пад рукі і панеслі, потым паклалі на асфальт. Падчас следства «Пятроў» казаў, што Латыпаў пры гэтым актыўна супраціўляўся, але на судзе заявіў, што Сцяпан не аказваў актыўнага супраціву, проста ляжаў і адмаўляўся ісці ў службовую машыну, пару разоў перакуліўся. Міліцыянт сказаў, што не адчувае сябе пацярпелым і ніякай шкоды яму не нанеслі, «акрамя маральных нязручнасцяў: відэа выклалі ў інтэрнэт».
Той, каго нельга не назваць
Калі астатніх антыгерояў мы змаглі апісаць зборным чынам, то тут без імені абысціся не атрымаецца — гэта Уладзімір Пуцін.
— У прынцыпе, Масква, калі захоча, можа проста закруціць кран і выклікаць тут эканамічны калапс і хаос. Лукашэнка шмат гадоў вёў палітыку так званай братэрскай інтэграцыі, і ў выніку беларуская эканоміка, палітыка і вайсковая сфера вельмі моцна завязаныя на Маскву, — тлумачыў яшчэ ў чэрвені 2020 года аналітык Аляксандр Класкоўскі. — Іншае пытанне — ці трэба Маскве «валіць» Лукашэнку на выбарах? Скідаць Лукашэнку, пры тым што ў яго цяжкі характар і з Масквой ён часта сварыцца, — гэта значыць ствараць няпэўную сітуацыю. Новы лідар можа аказацца больш праеўрапейскім, больш зручным для Захаду.
Пазней развагі Класкоўскага пацвердзіліся. Ужо праз некалькі дзён пасля выбараў Лукашэнка патэлефанаваў з нагоды пратэстаў Пуціну, пасля чаго той сустрэўся з беларускімі вайскоўцамі. Кіраўнік РФ паабяцаў, што «на першы ж запыт акажа дапамогу ў выпадку пагрозы звонку».
Без сумневу, Пуцін моцна паўплываў на здушэнне пратэсных настрояў беларусаў і беларусак, а пасля — на яшчэ мацнейшае збліжэнне двух рэжымаў. Пра гэта не раз казалі эксперты і нават пішуцца навуковыя артыкулы. І, мяркуючы з апытанняў людзей у Беларусі і пазіцыі Еўрасаюза, уплыў Расіі — у прыватнасці, палітыкі Уладзіміра Пуціна — на тое, што адбываецца ў нашай краіне, будзе толькі павялічвацца: дарогі назад пасля дзеянняў усіх пералічаных антыгерояў (пакуль) няма.
Чытайце таксама