Федэральны ўрад Германіі паведаміў Беларусі пра прыпыненне з 1 студзеня 2025 года дзеяння пагаднення пра пазбяганне двайнога падаткаабкладання ў дачыненні да падаткаў на даходы і маёмасць. Пра гэта паведамляе прэс-служба Міністэрства фінансаў ФРГ, піша «Позірк».
Ведамства звярнула ўвагу на той факт, што 1 чэрвеня 2024 года Мінск прыпыніў «дзеянне асобных палажэнняў» гэтага пагаднення.
«Рэспубліка Беларусь не выканала патрабавання ўрада Германіі пра аднаўленне дзеяння гэтых палажэнняў, — гаворыцца ў паведамленні. — Урад Германіі разглядае гэта як істотнае парушэнне пагаднення ў адпаведнасці з Венскай канвенцыяй пра права міжнародных дамоваў. Калі Рэспубліка Беларусь адменіць частковае прыпыненне дзеяння пагаднення, урад Германіі разгледзіць магчымасць скасавання поўнага прыпынення пагаднення».
Згаданае пагадненне было падпісанае 30 верасня 2005 года і ўступіла ў сілу 31 снежня 2006-га. Гэтым дакументам бакі замацавалі жаданне «спрыяць развіццю ўзаемных эканамічных сувязяў шляхам ліквідацыі падатковых перашкодаў».
У Германіі дзеянне пагаднення распаўсюджвалася, напрыклад, на падаходны падатак (Einkommensteuer), падатак з карпарацый (Korperschaftsteuer), падатак на капітал (Vermogensteuer) і прамысловы падатак (Gewerbesteuer), у Беларусі — на падатак на даходы і прыбытак, падаходны падатак з фізічных асобаў, падатак на нерухомасць і зямельны падатак.
Нагадаем, Беларусь з 1 чэрвеня 2024 года прыпыніла выкананне некаторых міжнародных дамоваў пра пазбяганне падвойнага падаткаабкладання (яны дазваляюць унікаць сітуацыі, калі адны і тыя ж даходы падпадаюць пад падаткі ў дзвюх розных краінах). Тэрмін дзеяння гэтага рашэння Мінска — да 31 снежня 2026 года.
Пад абмежаванні трапілі тры палажэнні — пра дывідэнды, працэнты і даходы ад адчужэння маёмасці. У спіс краін, з якімі прыпыняецца выкананне некаторых палажэнняў міжнародных дамоваў, увайшлі ў тым ліку ЗША, Францыя, Данія, Польшча, Швецыя, Бельгія, Літва, Латвія, Нідэрланды, Чэхія, Германія, Вялікабрытанія. Агулам — 27 краін.