У Беларусь з чарговым візітам прыедзе кіраўнік МЗС Венгрыі Петэр Сіярта: ён бярэ ўдзел у II Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар беларускага замежнапалітычнага ведамства Анатоль Глаз, перадае расійскае інфармагенцтва Sputnik Беларусь.
Другая Мінская міжнародная канферэнцыя па еўразійскай бяспецы запланаваная на 31 кастрычніка — 1 лістапада 2024 года. Паводле арганізатараў, падчас мерапрыемства пройдзе «адкрытая і інклюзіўная дыскусія пра перспектывы еўразійскай бяспекі ва ўмовах крызісу цяперашняга светапарадку, хранічных ваенна-палітычных супярэчнасцяў паміж ключавымі гульцамі і практычна поўнай адсутнасці камунікацый паміж імі».
Глаз паведаміў, што чакаецца блізу 600 удзельнікаў з 45 краін — гэта прадстаўнікі краін АБСЕ, СНД, ШАС, а таксама «кіраўнікі шэрагу міжнародных арганізацый і высокапастаўленыя эксперты найбуйнейшых „фабрык думкі“ ўсяго еўразійскага рэгіёна».
У першы дзень форуму, 31 кастрычніка, запланаванае выступленне «14 высокапастаўленых гасцей, у тым ліку кіраўнікоў МЗС Венгрыі, Расіі, Сірыі, генеральнага сакратара АДКБ, генеральнага сакратара СНД, дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы».
Нагадаем, I Канферэнцыя па еўразійскай бяспецы прайшла ў Мінску 26−27 кастрычніка 2023 года, на ёй таксама прысутнічаў міністр замежных справаў Венгрыі Петэр Сіярта.
Ён адзіны кіраўнік МЗС адной з краін ЕС, які наведвае нашую краіну з 2020 года. Раней Сіярта таксама прыязджаў у Беларусь у лютым 2023 года, пабываў ён у Мінску і ў траўні 2024-га.