Польскі Беласток добра знаёмы многім беларусам. Да 2020 года ён быў адным з цэнтраў шопінгу для грамадзян нашай краіны. А пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі стаў другім пасля Варшавы польскім горадам, дзе беларусы шукаюць ратавання ад палітычных рэпрэсій. «Люстэрка» паразмаўляла з мэрам (у польскай традыцыі самакіравання — прэзідэнтам) Беластока Тадэвушам Трускаляскім пра ўплыў на Беласток закрыцця памежных пераходаў і міграцыйнага крызісу, пра «старых» і «новых» беларусаў у горадзе.
Тадэвуш Трускаляскі, 66 гадоў. Доктар эканамічных навук, палітык, з 2006 года — прэзідэнт (мэр) Беластока. Пасля першай перамогі пераабіраўся на гэтую пасаду яшчэ чатыры разы, апошні раз — у 2024 годзе, набраўшы ў першым туры 53,32% галасоў. У 2021 годзе стаў ініцыятарам прыпынення супрацоўніцтва з уладамі Гродна праз рэпрэсіі ў нашай краіне. У 2023 годзе разам са Святланай Ціханоўскай урачыста адкрыў каля генеральнага консульства нашай краіны ў Беластоку сквер Вольнай Беларусі.
«Гандлёвыя адносіны з Беларуссю ў значнай ступені замарожаныя»
— Беласток традыцыйна меў цесныя эканамічныя сувязі з Беларуссю. Грамадзяне нашай краіны ахвотна наведвалі гандлёвыя цэнтры і рынкі вашага горада. Ці былі яны важныя для эканомікі горада? Як закрыццё памежных пераходаў у Кузніцы Беластоцкай і Баброўніках паўплывала на стан гандлю і паслуг у Беластоку?
— Сапраўды, эканамічныя адносіны з Беларуссю мелі вялікае значэнне для Беластока. На беларускіх пакупнікоў прыпадала значная частка трафіку ў гандлёвых цэнтрах, яны былі важнай часткай мясцовай эканомікі. На жаль, цяпер гэта ў мінулым.
Вайна ва Украіне, міграцыйны крызіс на мяжы і палітычная сітуацыя ў Беларусі змянілі сітуацыю. Гандлёвыя адносіны з вашай краінай у значнай ступені замарожаныя.
Закрыццё памежных пераходаў у Кузніцы Беластоцкай і Баброўніках негатыўна адбілася на гандлі і паслугах у нашым горадзе. Паводле звестак Палаты падатковага ўпраўлення ў Беластоку, з 2022 года значна скарацілася колькасць мытных дэкларацый у Падляскім мытна-фіскальным упраўленні ў Беластоку, а таксама агульны кошт тавараў, задэклараваных у межах гэтай працэдуры як у нашым рэгіёне, так і на нацыянальным узроўні.
Многія кампаніі адчулі падзенне абаротаў. Прадпрымальнікі, якія вядуць бізнес у нашым горадзе, занепакоеныя вайной ва Украіне і крызісам на мяжы з Беларуссю. Тым не менш мясцовая эканоміка паступова адаптуецца да новых рэалій, шукаючы іншыя рынкі збыту сваёй прадукцыі.
— Як менавіта беластоцкія кампаніі робяць гэта? Ці прыводзіць скарачэнне колькасці кліентаў з Беларусі да закрыцця бізнесаў, дзе ім удаецца знайсці новых кліентаў замест беларусаў?
— Беластоцкаму бізнесу давялося сутыкнуцца з выклікамі, звязанымі са змяншэннем колькасці кліентаў з Беларусі. Некаторыя кампаніі, асабліва тыя, якія моцна залежаць ад беларускага рынку, былі вымушаныя перагледзець свае бізнес-мадэлі.
Аптымістычны той факт, што ў гандлі з Украінай усе паказчыкі імпарту і экспарту — як на рэгіянальным, так і на нацыянальным узроўні — значна выраслі. Адаптацыя да новых умоваў і гнуткасць мясцовых прадпрымальнікаў дапамаглі ім перажыць гэты складаны перыяд.
— Ці ведзяце вы перамовы з польскім урадам наконт неабходнасці адкрыць памежныя пераходы ў Падляскім ваяводстве? Ці прыслухоўваюцца цэнтральныя ўлады краіны да вашых аргументаў і ці ёсць перспектыва адкрыцця мяжы для простых беларусаў і палякаў?
— Так, падчас сустрэч з прадстаўнікамі ўрадавага боку я неаднаразова казаў пра неабходнасць пераасэнсаваць пытанне закрытых памежных пераходаў. Як прадстаўнікі мясцовых органаў улады мы, вядома, усведамляем складаную геапалітычную сітуацыю, але ў той жа час падкрэсліваем важнасць адкрытых межаў для мясцовай эканомікі.
Аднак канчатковыя рашэнні застаюцца за ўрадам. Я спадзяюся, што з часам будуць зробленыя крокі, якія дазволяць хаця б паступова адкрыць пераходы, вядома, з захаваннем усіх мер бяспекі.
«Пасля падзей 2020 года ў Беластоку знайшлі прытулак некалькі тысяч беларускіх грамадзян»
— Пасля 2020 года многія грамадзяне Беларусі, ратуючыся ад рэпрэсій на радзіме, былі вымушаныя прыехаць у Беласток. Колькі беларусаў цяпер жыве ў вашым горадзе? Яны інтэгруюцца ў польскае грамадства ці жывуць у коле сваёй дыяспары?
— Дакладную колькасць вызначыць складана, але, паводле нашых ацэнак, пасля падзей 2020 года ў Беластоку знайшлі прытулак некалькі тысяч беларускіх грамадзян. Большасць з іх спрабуе інтэгравацца ў польскае грамадства, захоўваючы пры гэтым сваю нацыянальную ідэнтычнасць.
Існуюць беларускія арганізацыі, якія падтрымліваюць гэтую супольнасць. Але мы таксама бачым, што многія беларусы актыўна ўдзельнічаюць у жыцці горада, уладкоўваючыся на працу, адкрываючы фірмы і ўдзельнічаючы ў мясцовых ініцыятывах. Гэтыя людзі могуць разлічваць на нашую дапамогу — я маю на ўвазе мясцовыя ўлады Беластока, а таксама няўрадавыя арганізацыі нашага горада.
Акрамя таго, пры няўрадавай арганізацыі Wspólnota Polska («Польская супольнасць», займаецца ўмацаваннем сувязяў польскай дыяспары з радзімай і падтрымкай палякаў за мяжой. — Заўв. рэд.) у 2021 годзе быў адкрыты Цэнтр дапамогі палякам з Беларусі і беларусам, якія бягуць ад рэжыму ў сваёй краіне. Існуе таксама Цэнтр беларускай культуры, а яшчэ муніцыпальнае падраздзяленне — Цэнтр сацыяльнай актыўнасці — праводзіць мерапрыемствы для бежанцаў, у тым ліку з Беларусі.
— Ці заўважная прысутнасць вялікай колькасці беларусаў у жыцці Беластока? Магчыма, яны арганізуюць уласныя фестывалі ці адкрываюць беларускія бізнесы, якія робяцца важнай часткай гарадскога жыцця?
— Адназначна так. Дзеці і падлеткі вучацца ў беластоцкіх школах. Іх бацькі працуюць у розных кампаніях ці займаюцца бізнесам.
Беларусы таксама арганізуюць культурныя мерапрыемствы — фестывалі, выставы і літаратурныя сустрэчы. Яшчэ тут даволі шмат беларускіх журналістаў, якім мы далі памяшканне ў цэнтры горада, каб ім было дзе працаваць. Гэтыя ініцыятывы ўзбагачаюць сацыяльнае і культурнае жыццё Беластока, а беларускія кампаніі робяцца важнай часткай мясцовай эканомікі. Мы падтрымліваем гэтую дзейнасць і радыя, што Беласток становіцца месцам, дзе разнастайнасць — гэта каштоўнасць.
«Жыхарам не спадабалася гэтая ідэя, але цяпер тут — сквер Вольнай Беларусі»
— У 2022 годзе гарадскія ўлады Беластока прынялі рашэнне назваць частку адной з вуліц горада (на ёй размешчанае генеральнае консульства нашай краіны) вуліцай Вольнай Беларусі. Але ў 2023 годзе мясцовыя жыхары выступілі супраць перайменавання, і ранейшую назву вярнулі. Як жыхары Беластока ставяцца да таго, што ў іх горад прыехала шмат беларусаў? Ці здараюцца канфлікты на этнічнай глебе?
— Варта нагадаць, што Беласток мае доўгую гісторыю мультыкультуралізму, што спрыяе ўзаемнай павазе і супрацоўніцтву. Вядома, бываюць і рознагалоссі, як у выпадку з назвай вуліцы, але гэтая сітуацыя не была звязаная з якімі-кольвек канфліктамі.
Увосень 2022 года ўчастак вуліцы Электрычнай стаў вуліцай Вольнай Беларусі. Такім чынам дэпутаты Беластока выказалі сваю салідарнасць з беларусамі, якія змагаюцца супраць рэжыму Лукашэнкі. Менавіта тут знаходзіцца беларускае консульства, і менавіта тут беларусы — як беларуская меншасць, так і прадстаўнікі дыяспары — збіраюцца на акцыі пратэсту ці дэманстрацыі.
Але жыхарам не спадабалася гэтая ідэя, бо для іх гэта значыла неабходнасць памяняць дакументы. Таму яны аспрэчылі рашэнне дэпутатаў у Ваяводскім адміністрацыйным судзе, і суд з імі пагадзіўся. Але цяпер на тым самым месцы з’явіўся сквер Вольнай Беларусі.
Жыхары Беластока адкрытыя і гасцінныя, і тут няма этнічных канфліктаў. Дыялог і супрацоўніцтва — ключавыя ў такіх сітуацыях.
— У Беластоку жыве шмат польскіх грамадзян, якія лічаць сябе этнічнымі беларусамі. У іх ёсць свая радыёстанцыя, газета і праграма на мясцовым тэлебачанні. Ці зліваюцца «старыя» і «новыя» беларусы Беластока ў адну групу? Альбо яны існуюць паралельна?
— Выглядае на тое, што беларуская супольнасць у Беластоку — як тыя, для каго Польшча — дом, так і прыезджыя, — безумоўна, знаходзіць агульную глебу для разумення і супрацоўніцтва. Але адначасова захоўвае пэўную самабытнасць дзвюх групаў.
У «старых» беларусаў ёсць свае сталыя інстытуты, СМІ, арганізацыі. «Новыя», з іншага боку, ствараюць свае ўласныя, прыносяць свежы погляд і энергію, якія ўзбагачаюць супольнасць. Фактар, які аб’ядноўвае дзве групы — гэта, безумоўна, культура і традыцыі.
«Беласток спрабуе прыстасавацца да новай сітуацыі»
— Ці ўплывае міграцыйны крызіс, у прыватнасці, увядзенне 200-метровай буфернай зоны на мяжы з Беларуссю, на эканоміку Беластока?
— Міграцыйны крызіс цягнецца ўжо даволі доўга і, вядома, мае свае наступствы. Я ўжо казаў пра негатыўны ўплыў на эканоміку Беластока і рэгіёна. Аднак варта дадаць, што ён таксама моцна ўплывае на турызм, які быў важным сектарам мясцовай эканомікі.
Хоць пасля ўвядзення буфернай зоны колькасць спробаў нелегальна перасячы мяжу скарацілася, многія турысты па-ранейшаму аддаюць перавагу таму, каб пазбягаць нашага рэгіёна. Нягледзячы на гэтыя праблемы, Беласток спрабуе прыстасавацца да новай сітуацыі, падтрымліваючы мясцовы бізнес і шукаючы альтэрнатыўныя рынкі і крыніцы даходу.
— Пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе і пачатку міграцыйнага крызісу на мяжы ў 2021-м ці падтрымліваеце вы кантакты з беларускімі афіцыйнымі асобамі? У нейкіх сферах яшчэ працягваецца супрацоўніцтва з афіцыйнымі ўладамі Беларусі?
— А ці магчымы дыялог паміж дыктатурай і дэмакратыяй? Палітычная сітуацыя ў Беларусі прывяла, мякка кажучы, да крызісу даверу паміж нашымі краінамі. Менавіта таму супрацоўніцтва з афіцыйнымі беларускімі ўладамі было прыпыненае.
На фоне рознагалоссяў з нагоды ўварвання Расіі ва Украіну, да якога далучылася і Беларусь, а таксама на знак салідарнасці з Украінай, якая змагаецца, у сакавіку 2022 года мясцовае самакіраванне Беластока аднагалосна падтрымала ўнесеныя мной прапановы пра разрыў супрацоўніцтва з беларускімі і расійскімі гарадамі — пабрацімамі Беластока. Гэта Гродна (пагадненне пра партнёрства было падпісанае 16 сакавіка 2018 года. — Заўв. рэд.), Пскоў, Калінінград, Томск і Іркуцк.
— З кім з прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў вы сустракаліся і вялі перамовы? Што вы абмяркоўвалі?
— Я меў гонар прымаць у сябе, перш за ўсё, лідарку беларускай апазіцыі Святлану Ціханоўскую, а таксама апазіцыйнага палітыка Паўла Латушку. Мы абмеркавалі магчымасці падтрымкі беларускай супольнасці ў Беластоку, а таксама шырокае супрацоўніцтва ў імя дэмакратычных каштоўнасцяў і абароны правоў чалавека.
Беласток — горад, адкрыты для дыялогу і падтрымкі ўсіх, хто ратуецца ад пераследу. Я цвёрда веру, што прыйдзе час, калі мы ўсе разам будзем радавацца свабодзе і незалежнасці Беларусі.
— Вы згадалі Паўла Латушку, які з 1996 да 2000 года быў віцэ-консулам і консулам Беларусі ў Беластоку. Ці камунікавалі вы з ім у той час? Якія ў вас засталіся ўспаміны пра яго? Ці думалі вы тады, што гэты прадстаўнік беларускіх уладаў аднойчы стане апазіцыйным палітыкам?
— Так, мне даводзілася сустракацца з Паўлам Латушкам падчас ягонай працы ў Беластоку. Тады ён быў прадстаўніком беларускага ўрада, і нашыя кантакты ў асноўным датычылі пытанняў памежнага супрацоўніцтва.
Ён запомніўся мне як прафесійны і кампетэнтны дыпламат. Тады я не думаў, што ён стане адным з лідараў апазіцыі. Але яго роля сёння паказвае, як дынамічна мяняецца палітычная сітуацыя ў Беларусі.
Чытайце таксама