Чыноўнікі плануюць павялічыць памеры стандартнага падатковага выліку для сем’яў з дзецьмі. Для гэтага цягам 2024 года збіраюцца ўнесці адпаведныя змены ў Падатковы кодэкс. Пра гэта стала вядома з абгрунтаванняў Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, у якіх гаворыцца пра неабходнасць падрыхтаваць законапраект.
На колькі могуць вырасці памеры стандартнага падатковага выліку для сем’яў з дзецьмі, не паведамляецца. Пры гэтым удакладняецца, што іх павышэнне прадугледжанае генеральным пагадненнем аб’яднанняў наймальнікаў і прафсаюзаў і даручэннем урада.
Нагадаем, законапраект са зменамі ў Падатковы кодэкс, які ўжо зацверджаны парламентам і Саветам Рэспублікі, прадугледжвае павышэнне ў 2024 годзе памераў пэўных падатковых вылікаў, а таксама сум розных выплат, якія не абкладаюцца падаходным падаткам.
У гэтым выпадку гаворка ідзн пра тое, каб для сем’яў з дзецьмі дадаткова павысіць памеры стандартнага падатковага выліку. Да прыкладу, стандартны падатковы вылік для бацькоў, якія маюць дваіх і больш дзяцей да 18 гадоў або дзяцей-інвалідаў да 18 гадоў, цяпер складае 87 рублёў на кожнае дзіця за месяц.
У Падатковы кодэкс збіраюцца ўнесці і іншыя змены (якія — не ўдакладняецца). «Гэта абумоўлена неабходнасцю далейшага ўдасканалення падатковага заканадаўства з улікам прапановаў, выпрацаваных кансультацыйнымі саветамі, створанымі пры Міністэрстве фінансаў і Міністэрстве па падатках і зборах, — удакладняецца ў абгрунтаванні Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў. — Падчас падрыхтоўкі праекта будуць улічаныя ўзгодненыя прапановы органаў дзяржаўнага кіравання і іншых арганізацый, падпарадкаваных ураду, а таксама бізнес-супольнасцяў. Акрамя таго, нормы праекта закона будуць скіраваныя на вырашэнне праблемных пытанняў, якія ўзніклі падчас практычнага прымянення палажэнняў Падатковага кодэкса».
Чытайце таксама